Uzda-crb.by
ПОЛИКЛИНИКА

пн-пт: 07:30-20:00
сб: 09:00-14:00
8 (01718) 65-6-02

ДЕТСКАЯ КОНСУЛЬТАЦИЯ

пн-пт: 08:00-18:00
сб: 09:00-14:00
8 (01718) 65-8-68

ГАСПАДАРЧЫМ СПОСАБАМ, З ГАСПАДАРСКІМ ПАДЫХОДАМ

By: | Tags: | Comments: 0 | 16 февраля, 2017

Крыху больш як тры гады таму старшыня Мінскага аблвыканкама Сямён Шапіра акцэнтаваў увагу кіруючых кадраў, у першую чаргу ў сацыяльнай сферы, на неабходнасці больш актыўнымі тэмпамі займацца будаўнічымі і рамонтнымі работамі гаспадарчым спосабам. Яшчэ ў мінулым стагоддзі найбольш гаспадарлівыя спецыялісты з розных галін эканомікі даказалі на практыцы, што такім чынам можна дабіцца значнай эканоміі бюджэтных сродкаў, будаваць хутчэй, танней, захоўваючы пры гэтым высокую якасць. Так, гэта патрабуе дадатковых да звычайных службовых клопатаў, і адказнасць вялікая, але ж жыццё вымушае эканоміць у многім, і калі ёсць такая магчымасць, то чаму б ёй не скарыстацца?
На Уздзеншчыне асаблівую актыўнасць у гэтай справе праявілі ў цэнтральнай раённай бальніцы, дакладней – кіраўніцтва раённай сістэмы аховы здароўя. Галоўны ўрач ЦРБ Аляксандр Дрэйчук са сваімі калегамі, падключыўшы спецыялістаў з упраўлення капітальнага будаўніцтва, перш чым узяцца за справу, дасканала вывучылі ўсе “за” і “супраць”. Па разліках атрымлівалася: калі ўзяцца за работу з розумам, трымаць на кантролі кожную выдзеленую капейку, падабраць талковых будаўнікоў, рамонтнікаў, можна за год-другі дабіцца куды больш важкіх вынікаў, чым гэта атрымалася б, калі б дабіваліся выдзялення для гэтых мэт бюджэтных сродкаў.
Паказальным у ходзе будаўніцтва гаспадарчым спосабам стаў для медыкаў 2015 год. Пазалетась на тэрыторыі раёна работы такім чынам вяліся на 14 аб’ектах. Значныя сродкі былі асвоены на добраўпарадкаванні тэрыторыі райбальніцы, непазнавальна змяніўся галоўны корпус, больш утульнасці і зручнасці ў рабоце атрымалі работнікі харчаблока (адпаведна і хворыя, што карыстаюцца яго паслугамі). Адрамантаваны інтэрнат № 3. Завяршыўся рамонт Падсадскаўскага фельчарска-акушэрскага пункта, на 90-95-працэнтную гатоўнасць вывелі рамонт ФАПаў у Прысынку і Касцяшах. Усяго за год было асвоена 6.578 мільёнаў недэнамінаваных рублёў. З гэтай сумы 3.055 мільёнаў было затрачана на выплату заработнай платы працуючым, яшчэ 3.156 мільёнаў – на набыццё будаўнічых матэрыялаў.
Вяліся работы гаспадарчым спосабам і ў мінулым годзе. Працягвалася добраўпарадкаванне тэрыторыі райбальніцы, выкананы бягучы рамонт аддзяленняў і кабінетаў галоўнага корпуса, канферэнцзалы, аддзялення медыцынскай рэабілітацыі, рэнтгенкабінета, харчаблока, вода- і каналізацыйных сетак паліклінікі. Не забылі і пра стварэнне камфортных умоў для работы медыкаў і прыёму наведвальнікаў у сельскай мясцовасці – выкананы бягучыя рамонты на ФАПах у Прысынку, Касцяшах, Кухцічах, Чурылаве, Любячы, Каменцы, амбулаторыі ўрача агульнай практыкі ў Возеры і бальніцы сястрынскага догляду ў Цялякаве.
І ў 2017 год медыкі ўступілі не толькі з чарговымі планамі, але і з канкрэтнымі напрацоўкамі. Сёлета плануецца асвоіць гаспадарчым спосабам і па грамадзянска-прававых дагаворах 1.258 тысяч рублёў, ці 12 мільярдаў недэнамінаваных. Пашанцуе – можа і больш атрымацца. І тут не чакаюць цяпла ці больш спрыяльнага часу – з першых дзён новага года ў асобных кутках райбальніцы, пераважна апоўдні ці і ў выхадныя дні, вядуцца рамонтныя работы. Няхай гэта пакуль стварае пэўныя нязручнасці для людзей у белых халатах і пацыентаў, але праз месяцаў колькі і тыя, і другія адчуюць на сабе прыемныя перамены.
— У гэтым годзе найбольш значныя сродкі накіраваны на рамонт будынка інфекцыйнага аддзялення, асобных кабінетаў у паліклініцы, замену і рамонт вода-, каналізацыйных сетак у галоўным корпусе ЦРБ, — расказвае інжынер па рамонце райбальніцы Віктар Барысенка. – А яшчэ на месцы будынка былога дзіцячага сада ў Сямёнавічах да восені з’явіцца інтэрнат для маласямейных медыкаў. Тут могуць пасяліцца чатыры сям’і маладых спецыялістаў ці іншых работнікаў сістэмы аховы здароўя, што прыедуць на работу ў раён. Атрымае другое жыццё Зенькавіцкі ФАП. Завяршаюцца рамонтныя работы ў харчаблоку, тое-сёе яшчэ трэба зрабіць па добраўпарадкаванні тэрыторыі райбальніцы, ФАПаў у Прысынку, Касцяшах і Стальбоўшчыне.
Усе работы выконваюцца з захаваннем тэхнікі бяспекі, правілаў аховы працы. Абнаўляюцца сцены, падлогі, столі, электраправодка, сантэхніка, сістэма ацяплення. У інфекцыйным аддзяленні будзе ўстаноўлена сістэма супрацьпажарнага водазабеспячэння. Хто ж усім гэтым займаецца?
— У найбольш напружаныя перыяды на нашых аб’ектах задзейнічаны да сарака, а то і 50-60 чалавек – можна сказаць, калектыў асобнай ПМК, — уводзіць у курс спраў В. Барысенка. – Сярод іх да дзесяці і больш работнікаў нашага калектыву. Стараннасцю вызначаюцца рабочыя па комплексным абслугоўванні будынкаў і збудаванняў Павел Кароль, Ганна Лапіцкая, Вольга Мартыноўская, электрык Віталій Мельнікаў, слесары-сантэхнікі Мікіта Балабанчык і Аляксей Качанаў, іншыя.


Для выканання асноўных будаўнічых работ наймаем спецыялістаў па дагаворах падраду. У асноўным гэта адны і тыя людзі, якія працуюць у нас не першы раз і ў добрай якасці работ якіх мы не сумняваемся.
Праектна-каштарысная дакументацыя рыхтуецца спецыялістамі нашага архітэктурна-планіровачнага бюро. Тэхнічны нагляд за ўсімі працэсамі будаўніцтва даручылі прадстаўніку ўпраўлення капітальнага будаўніцтва Уладзіміру Кужэлку. Спецыяліст па закупках райбальніцы Ірына Шыдлоўская выстаўляе на электронную пляцоўку заяўкі на будматэрыялы, пакет атрыманых дакументаў разглядае спецыяльная камісія і дае дабро на набыццё неабходнага па прымальнай цане і належнай якасці. Юрысконсульт бальніцы Сняжана Пінчук забяспечвае граматнае юрыдычнае суправаджэнне любога дагавора, пакупкі. Зразумела, і інжынер па рамонце Віктар Барысенка кантралюе ўсе вытворчыя працэсы.

У выніку ўсе здаваемыя аб’екты прымаюцца камісіяй у вызначаныя тэрміны, з добрай якасцю работ і ў адпаведнасці з заканадаўствам. Госці раёна, трапіўшы ў нашы ўстановы аховы здароўя, адзначаюць не толькі прафесіяналізм урачоў і сярэдняга медыцынскага персаналу, не толькі высокую аснашчанасць бальніц, амбулаторый, ФАПаў сучасным абсталяваннем, але і іх прыгожы знешні выгляд, належныя ўмовы для работы медыкаў і лячэння, аздараўлення насельніцтва.